«Інжынерная адукацыя – адзін з ключавых элементаў развіцця эканомікі»

«Інжынерная адукацыя – адзін з ключавых элементаў развіцця эканомікі»

У суботу, 5 лютага, для выпуска Настаўніцкай газеты рэктар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Сяргей Харытончык расказаў пра сябе і свой шлях да пасады рэктара, дасягненні і перспектывы вядучай вышэйшай тэхнічнай школы краіны, а таксама аб абнаўленнях у Кодэксе адукацыі і рэферэндуме па ўнясенні зменаў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусі.

«У дзяцінстве я марыў канструя­ваць аўтамабілі. У выпускным класе зразумеў, што трэба ісці вучыцца ў Беларускі політэхнічны інстытут на спецыяльнасць "Аўтамабілебудаванне". Конкурсы тады былі вялікія, але паколькі я скончыў школу з сярэбраным медалём, то здаваў толькі адну матэматыку. Экзаменацыйныя заданні рашыў адным з першых, атрымаў выдатную адзнаку і быў залічаны. Аднак у той час была агульная спецыяльнасць "Аўтамабіле- і трактарабудаванне", якая дзялілася адпаведна на дзве спецыялізацыі. Размеркаваннем па іх зай­маўся дэканат, які залічыў мяне на "Трактарабудаванне". У той момант мне здалося, што жыццё страчана і лепшае, што магло быць, ужо скончана», – прыгадаў рэктар.

Аднак, нягледзячы на расчараванне, Сяргей Васільевіч застаўся вучыцца і ніколі аб гэтым не пашкадаваў. Яму пашчасціла пазнаёміцца з выдатнымі выкладчыкамі, займацца навуковай дзейнасцю і нават практыкавацца на вядучых заводах краіны. Дарэчы, паступаў ён у Беларускі політэхнічны інстытут, а скончыў у 1994 годзе ўжо Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію. Затым пайшоў працаваць у Нацыянальную акадэмію навук Беларусі.

«Дваццаць гадоў пад кіраўніцтвам акадэміка, Героя Беларусі, генеральнага канструктара па аўтамабільнай тэхніцы М. С. Высоцкага я займаўся сваім любімым напрамкам – аўтамабілебудаваннем. А ў 2002 годзе, працуючы па-ранейшаму ў НАН, пачаў выкладаць ужо ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. У 2014 стаў дэканам машынабудаўнічага факультэта, праз два гады – прарэктарам па вучэбнай рабоце, а з верасня 2017 прызначаны рэктарам».

За час свайго кіраўніцтва Сяргей Васільевіч адкрыў новыя спецыяльнасці, пашырыў міжнароднае супрацоўніцтва, павялічыў коль­касць замежных студэнтаў, нала­дзіў сувязі з узбекскімі калегамі. Ра­зам з імі быў адкрыты сумесны Беларуска-Узбекскі міжгаліновы інстытут прыкладных тэхнічных кваліфікацый. Яшчэ актывізаваў работу з прадстаўнікамі Шры-Ланкі і Кітая. Да таго ж менавіта на чале з Сяргеем Ва­сілье­вічам універсітэт адзначыў 100-гадовы юбілей, прайшоў праверку пандэміяй і падышоў да такіх значных падзей, як абнаўленне Кодэкса аб адукацыі і Канстытуцыі Беларусі.

«Інжынерная адукацыя – адзін з ключавых элементаў развіцця эканомікі».

«У жыцці ўніверсітэта адбываліся і адбываюцца важныя па­дзеі. Так, на працягу юбілейнага года мы актыўна дэманстравалі свае дасягненні, прапагандавалі і прапаноўвалі грамадскасці шырока паглядзець на іх. У выніку многія нашы супрацоўнікі былі ўганараваны ордэнамі і медалямі. А самай вялікай узнагародай для ўсіх нас стаў нечаканы візіт Прэзідэнта краіны на ўрачысты сход нашага працоўнага калектыву. І ўдвая нечаканым было ўзнагароджанне калектыву ордэнам Працоўнай Славы. Дарэчы, ён упершыню ў гісторыі суверэннай краіны быў прысуджаны не асобе, а арганізацыі. Прэзідэнт падкрэсліў, які значны ўклад у развіццё краіны зрабілі нашы выпускнікі-інжынеры. Бо, сапраўды, незалежная Беларусь у пэўным сэнсе пабудавана розумам і працай нашых спецыялістаў, якіх мы рыхтуем амаль для ўсяго рэальнага сектара эканомікі», – не без гонару адзна­чыў Сяргей Васільевіч.

За стагоддзе БНТУ падрыхтаваў больш за 220 тысяч спецыялістаў як для Беларусі, так і для 90 краін свету. Сёння ў яго структуры 19 факультэтаў (з улікам двух замежных), 9 каледжаў, ліцэй, філіял у Салігорску, навукова-даследчы політэхнічны інстытут, навукова-тэхналагічны парк і доследны завод, адзіны ў сваім родзе Інстытут Канфуцыя па навуцы і тэхніцы. У іх навуку спасцігаюць каля 35 тысяч юнакоў і дзяўчат, з якімі працуюць амаль 6 тысяч работнікаў. 

«Вялікай папулярнасцю сярод замежных студэнтаў, якіх у нас каля 3,6 тысячы чалавек, карыстаюцца спецыяльнасці "Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва", "Архітэктура", "Тэхналогія машынабудавання". У гэтым го­дзе ў нас рэкорд па экспарце адукацыйных паслуг – даход склаў звыш 5 млн долараў», канстатаваў рэктар.

Дарэчы, у міжнародных рэйтынгах БНТУ займае даволі добрыя пазіцыі. Так, паводле QS World University Rankings, на які арыентуюцца многія прадстаўнікі навуковага асяроддзя і бізнесу, універсітэт уваходзіць у лік 800 найлепшых УВА свету. 

«Хоць, на мой погляд, самы лепшы рэйтынгавы паказчык – гэта запатрабаванасць яго выпускнікоў. У нас яна вельмі высокая, і дыпломы нашага ўніверсітэта каціруюцца на міжнародным рынку працы. Бачым гэта па тых запытах, што паступаюць ад нашых выпускнікоў. Нехта пераехаў працаваць за мяжу, і да нас паступае запыт аб тым, ці сапраўды ён прахо­дзіў навучанне ў БНТУ. Мы гэта пацвярджаем, і ніякай дадатковай інфармацыі ад нас не патрабу­юць», – патлумачыў рэктар. – «А яшчэ па многіх нашых спецыяльнасцях заяўкі на выпускнікоў у некалькі разоў перавышаюць іх колькасць, таму нашы спецыялісты сапраўды запатрабаваны рэальным сектарам эканомікі».

Будучыня непарыўна звязана з лічбавізацыяй адукацыі, абнаўленнем матэрыяльна-тэхнічнай базы для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне нанатэхналогій, робататэхнікі, беспілотнага і электрычнага транспарту. Таму за апошняе дзесяцігоддзе ў БНТУ адкрыта больш за 50 новых спецыяльнасцей. 

«У будучыні некаторыя нашы традыцыйныя спецыяльнасці могуць знік­нуць, і нам сёння трэба думаць, як рыхтаваць спецыяліста пад эканоміку будучыні, пры гэтым арыентуючыся не толькі на попыт, які можа нарадзіцца заўтра, але і паслязаўтра. Нам трэба быць наперадзе пастаянна», – адзначыў Сяргей Васільевіч. – «У перспектыве акцэнт будзе зроблены на навуковых праектах, інавацыйнай дзейнасці, каб мы заўсёды былі ў авангардзе перадавой сусветнай навукі. Ёсць планы па далейшым развіцці ўласнага тэхнапарка, каб ён папаўняўся прадпрыемствамі, створанымі нашымі выпускнікамі і выкладчыкамі. Ад гэтага ўсе атрымаюць карысць: выпускнік створыць бізнес, універсітэт убачыць, якія веды і методыкі ўвасабляюцца ў рэальны тавар і паслугі, а дзяржава атрымае новы інавацыйны прадукт, які карыстаецца попытам. Вось да такой мадэлі мы і імкнёмся».

«Самы лепшы рэйтынгавы паказчык для ўніверсітэта – высокая запатрабаванасць яго выпускнікоў. Спрыяць развіццю ўніверсітэта будзе ў тым ліку і абноўлены Кодэкс».

«Мы чакалі гэты дакумент даўно, і ўнесеныя ў яго змяненні сапраўды актуальныя. Цяпер ім можна карыстацца і станавіцца на новы ўзровень развіцця», – дадаў Сяргей Васільевіч. – Вельмі важна, што ўзаконена атрыманне ступені бакалаўра, бо мы вучым замежных грамадзян, а ў некаторых краінах адсутнічае паняцце "інжынер". Таму зараз, маючы магчымасць выдаваць такі дыплом, знікнуць абмежаванні па наборы замежных грамадзян. Кодэкс паўплывае і на ўступную кампанію, актывізуецца мэтавая падрыхтоўка, будуць спрошчаны падыходы па залічэнні абітурыентаў. Канечне, мы захаваем і бесперапынную 5-гадовую падрыхтоўку спецыялістаў, напрыклад, па атамнай энергетыцы, дзе нельга скара­чаць тэрмін навучання. Шэраг іншых пазітыўных навацый у Кодэксе мы таксама шматразова абмяркоўвалі, многія нашы папраўкі ўлічаны. Увогуле, Кодэкс – гэта жывы дакумент і вялікая калектыўная праца, таму мы з удзячнасцю ставімся да таго, што такі Кодэкс хутка ўступіць у дзеянне».

Гэтымі днямі абмяркоўваюць не толькі Кодэкс аб адукацыі, але і маючы адбыцца рэферэндум. 

«Мы адзіная краіна, дзе робяць такую сур’ёзную трансфармацыю сістэмы кіравання, якая будзе насычана прадстаўнікамі працоўных калектываў – сапраўднымі элементамі народнага кіравання. Абмеркаванні, што ўжо адбыліся, паказваюць: наша грамадства з разуменнем ставіцца да тых прагрэсіўных норм, якія закладзены ў Канстытуцыі. У пачатку нашай незалежнасці мы, магчыма, капіравалі замежны вопыт, але сёння ў нас ёсць свой уласны нацыянальны шлях, і гэта наша вялікае дасягненне, якое мы замацоўваем у Канстытуцыі. Рэферэндум – важны і значны крок у развіцці нашага грамадства, і кожны беларус павінен разумець, што яго голас сапраўды важны».

Аўтар арыгінальнага матэрыялу: Вольга Антоненкава,
Настаўніцкая газета

Content available under licence Creative Commons Attribution 4.0 License.
You'll be interested
Times news All news
22 July 2026 11:57
Thank you, alma mater! Andrey Sidyuk's story about the importance of continuous development and love for one's craft
In the new issue of our column, we spoke with PSF graduate Andrey Sidyuk and learned how modern household appliances are created and what's most important about being a student.
21 July 2026 17:08
A delegation from the Saint Petersburg Mining University visited the Digital Engineering Center
On July 9, the Digital Engineering Competence Center of the Faculty of Mechanical Engineering hosted a student delegation from the Saint Petersburg Mining University.
21 July 2026 11:55
First-year students of the Department of Software for Information Systems and Technologies on a field trip to OJSC Minsk Bearing Plant
As part of their introductory practical training, first-year students of the Department of Software for Information Systems and Technologies visited Minsk Bearing Plant OJSC. During the tour, they learned about production processes, modern equipment, and the use of information technologies at the enterprise.