Падтрымка таленавітай моладзі - важнейшы напрамак дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь. Творчасць нясе ў сабе вялізны патэнцыял для развіцця асобы, яе актыўнасці, павышае здольнасць да выпрацоўкі нестандартных рашэнняў, арыгінальных ідэй, духоўна змяняе свет.
Асноўныя напрамкі работы:
Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт разам са значнымі дасягненнямі ў падрыхтоўцы інжынерных, навуковых і выкладчыцкіх кадраў, ганарыцца і сваімі творчымі поспехамі ў сферы культуры.
Увага эстэтычнаму і духоўнаму развіццю студэнцтва надавалася кіраўніцтвам ВНУ яшчэ ў першыя дзесяцігоддзі яе ўтварэння (1920-30-я г.г.). Студэнтам і выкладчыкам Беларускага політэхнічнага інстытута чыталіся лекцыі па праблемах культуры і мастацтва, ладзіліся сустрэчы з паэтамі, пісьменнікамі, дзеячамі культуры. Так у 1935 годзе адбылася сустрэча з народным пісьменнікам Якубам Коласам, шырока была адзначана 30-я гадавіна літаратурнай дзейнасці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Праводзіліся творчыя сустрэчы з удзелам артыстаў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Жывыя і непасрэдныя зносіны з таленавітымі людзьмі спрыялі эстэтычнаму развіццю, духоўна-маральнаму росту студэнцтва. У тыя гады працавалі драматычны, харавы, струнны, танцавальны студэнцкія калектывы. У перадваенны час арганізацыяй працы, звязанай з мастацкай самадзейнасцю, у ліку іншых займаўся вядомы ў далейшым савецкі кампазітар Марк Фрадкін. Вайна перапыніла мірнае жыццё, і заставалася толькі надзея на ўвасабленне творчых задум пасля перамогі.
У лістападзе 1946 года ў Беларускім політэхнічным інстытуце быў арганізаваны студэнцкі клуб, дзякуючы чаму актывізавалася работа па выяўленні творчых здольнасцей студэнцкай моладзі, узрос узровень выканальніцкага майстэрства самадзейных творчых калектываў і арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў. Былі арганізаваны першыя калектывы мастацкай самадзейнасці: аркестр народных інструментаў (1946г.), духавы аркестр (1948г.), ансамбль танца «Дружба» (1951г.). У БПІ сталі праводзіцца агляды-конкурсы паміж факультэтамі, асабліва актывізавалася . З 1975 года агляды мастацкай самадзейнасці перайменоўваюцца ў фестывалі "Студэнцкая Вясна БПІ", "Студэнцкая Восень БПІ". Мянялася форма правядзення фестываляў, але адно заставалася нязменным - імкненне да раскрыцця творчага патэнцыялу студэнтаў тэхнічнай ВНУ. У 1994 годзе быў створаны Цэнтр этнаграфіі, фальклору і рамёстваў, які садзейнічаў далучэнню студэнцтва да нацыянальна-культурных традыцый Беларусі і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, праз арганізацыю тэматычных і персанальных выставак, творчых сустрэч і свят каляндарна-абрадавага цыкла.
У мэтах удасканалення культурна-масавай работы, павышэння яе значнасці і эфектыўнасці, паляпшэння арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці студэнтаў і супрацоўнікаў і далейшага іх маральна-эстэтычнага выхавання ў 2003 годзе ў БНТУ было створана Упраўленне культуры. У склад упраўлення ўвайшлі студэнцкі клуб, Цэнтр этнаграфіі, фальклору і рамёстваў, Музей гісторыі БНТУ. У 2007 годзе дэбютаваў новы міжвузаўскі конкурс студэнцкіх фільмаў "Відэарадыус БНТУ". Далейшае развіццё атрымаў фестываль студэнцкай творчасці "Вясна БНТУ".
У чэрвені 2011 года Упраўленне культуры было рэарганізавана ў Культурна-асветніцкі і гісторыка-адукацыйны цэнтр (КПіІАЦ), які працуе ў сферы эстэтычнага, маральнага і грамадзянска-патрыятычнага выхавання, забяспечвае вольны час і развіццё інтэлектуальных і творчых здольнасцей моладзі.
Адным з асноўных напрамкаў дзейнасці цэнтра з'яўляецца падтрымка і прасоўванне творчай ініцыятывы студэнтаў. КПіІАЦ аб'ядноўвае студэнцкія творчыя фарміраванні, аматарскія аб'яднанні. Пастаянна ўкараняюцца новыя сучасныя формы арганізацыі і правядзення творчых праектаў.
У аддзеле мастацкай творчасці працуе дванаццаць калектываў інструментальнага, харэаграфічнага, вакальнага і тэатральнага накірунку. Шэсць калектываў маюць ганаровае званне "народны". Праца калектываў шматразова адзначана дыпломамі лаўрэатаў на міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах. З творчасцю калектываў БНТУ знаёмы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі - у Расіі, Украіне, Азербайджане, Літве, Нарвегіі, Турцыі, Германіі, Польшчы.
У 2016 годзе студэнцкі клуб БНТУ адзначыў сваё 70-годдзе. За гады дзейнасці студэнцкі клуб аб'яднаў дзясяткі тысяч студэнтаў, многія з якіх, скончыўшы ўніверсітэт, па-ранейшаму з'яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі творчых калектываў.
Кожны год мы працягваем творчыя традыцыі нашага ўніверсітэта, ператвараем новыя ідэі і моладзевыя праекты ў культурнае жыццё студэнцтва БНТУ.