СМИ о нас: «Прарэктар БНТУ: наш універсітэт надае імпульс развіццю навуковай дзейнасці краіны»

СМИ о нас: «Прарэктар БНТУ: наш універсітэт надае імпульс развіццю навуковай дзейнасці краіны»

Штогод у рэальны сектар эканомікі ўкараняецца шэраг унікальных навукова­тэхнічных і інавацыйных распрацовак вучоных БНТУ. Гэта і нядзіўна, бо ва ўніверсітэце функцыянуюць моцныя навуковыя школы і навукова­-даследчыя цэнтры, працуюць вопытныя вучоныя і вучыцца моладзь з багатым патэнцыялам. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Заўсёды наперад

Прарэктар па навуковай рабоце БНТУ Ксенія Якушэнка – высокакваліфікаваны спецыяліст у галіне эканомікі, доктар эканамічных навук, дацэнт. Яна крочыць па жыцці з дэвізам: «Вер у сябе і рухайся наперад! Нават калі табе дрэнна альбо ўзніклі праблемы, пераадольвай сябе і ўпэўнена рабі крок у будучыню!»

– Ксенія Валянцінаўна, як і калі вы захапіліся навукай?

– Мая бабуля працавала ў бібліятэцы, а дзядуля пісаў вершы, таму з самага ранняга дзяцінства я жыла ў свеце кніг. Вывучала літаратуру, асабліва любіла беларускую, нават пісала работы для конкурсаў, а ў школе пачала займацца навуковымі работамі па гісторыі. Да гэтага часу мне падабаецца шукаць пэўныя тэндэнцыі, заканамернасці, высвятляць, чаму так адбылося і да чаго гэта прыводзіць. Пасля навуковую дзейнасць працягнула і ва ўніверсітэце, дзе мяне заўважыў адзін з выкладчыкаў і прапанаваў разам напісаць работу на конкурс студэнцкіх навуковых работ. Так я зразумела, што навука – тое, чым мне сапраўды падабаецца займацца.

Скончыўшы з адзнакай факультэт выдавецкай справы і паліграфіі БДТУ, я паступіла ў аспірантуру БДУ на факультэт міжнародных адносін. І тут маім галоўным настаўнікам стала матуля – кандыдат эканамічных навук дацэнт Алена Адольфаўна Сямак. Яна таленавіты педагог і вельмі моцны навуковы супрацоўнік, захапляюся ёй да гэтага часу. Напэўна, я пакуль не дасягнула яе ўзроўню, хоць вельмі імкнуся да гэтага.

Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі я восем гадоў працавала ў БДЭУ на кафедры сусветнай эканомікі. А з 2017 года ўзначальвала кафедру «Маркетынг» факультэта маркетынгу, менеджменту і прадпрымальніцтва БНТУ, дзе дасягнула значных поспехаў у развіцці навуковых праграм і праектаў. Студэнты тэхнічнага ўніверсітэта пад маім кіраўніцтвам не раз станавіліся пераможцамі і прызёрамі розных конкурсаў навуковых работ.

Маім навуковым кіраўніком у аспірантуры быў доктар эканамічных навук прафесар А. В. Данільчанка. Ён жа стаў і маім навуковым кансультантам у дактарантуры зноў жа ў БДУ. Падчас навучання там Аляксея Васільевіча запрасілі працаваць у БНТУ, і ён прапанаваў мне перайсці туды разам з ім. Так я апынулася ў БНТУ і стала вучоным сакратаром савета ўніверсітэта. Потым наш рэктар С. В. Харытончык вылучыў маю кандыдатуру на пасаду прарэктара па навуковай дзейнасці, а калегі падтрымалі гэтую прапанову. Сёння на мяне ўскладзена вялікая адказнасць весці навуковы напрамак ва ўніверсітэце, даваць новы штуршок для яго развіцця і адначасова прадстаўляць нашу УВА як прарэктар у навуковым асяроддзі. Таму такая пасада для мяне – і вялікі гонар, і вялікая адказнасць.

– Раскажыце, калі ласка, пра сферу вашых навуковых інтарэсаў.

– Я мару стварыць уласную навуковую школу. Мая дысертацыя закранала пытанні фарміравання адзінай інфармацыйнай прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэтая тэма вырасла з разгляду сусветнага інфармацыйнага рынку, калі я выйшла на паняцце інфармацыйнай прасторы і яе ўтварэння ўнутры інтэграцыйнага аб’яднання. І сёння мне хочацца арганізаваць навуковую школу, якая якраз і будзе займацца пытаннямі інфармацыйнай прасторы. Буду набіраць вучняў, якія па гэтай канцэпцыі будуць працаваць у больш прыкладных напрамках. А яшчэ наперадзе ў мяне атрыманне звання прафесара, таму пішу навуковыя артыкулы, выдаю манаграфіі і сумесныя падручнікі.

У авангардзе інавацый

– Ксенія Валянцінаўна, вы на паса­дзе прарэктара па навуковай рабоце БНТУ паўгода. Але, думаю, у вас ужо сфарміраваны план дзеянняў па далейшым развіцці ўніверсітэцкай навукі.

 Ва ўніверсітэце існуе стратэгія развіцця навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ажно да 2035 года. Першы яе прыярытэтны напрамак – стварэнне эфектыўнай сістэмы падрыхтоўкі навуковых і інжынерных кадраў, якія змаглі б развіваць высокатэхналагічную вытворчасць і эканоміку нашай краіны. Тут мы працуем ад школы да дактарантуры, выбудоўваючы бесперапынны ланцужок. Так, сёлета БНТУ разам з Мінадукацыі пачалі праект па стварэнні інжынерных класаў, якія бу­дуць спрыяць фарміраванню цікавасці да прафесіі інжынера са школьнай парты. Зразумела, што затым выпускнікоў такіх класаў мы хацелі б бачыць сваімі студэнтамі.

Другі прыярытэт – захаванне і ўдасканаленне навуковых школ. Нашы школы моц­ныя, але ўсё роўна ім неабходна падтрымка, а часам і перазагрузка. Трэці – развіццё інавацыйнай інфраструктуры ўніверсітэта, у тым ліку і выпуск навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі. Неабходна адзначыць, што ў нас выдатна рэалізуецца праект «Універсітэт 3.0», у рамках якога навука працуе ў цеснай звязцы з прадпрыемствамі і нашым тэхнапаркам.

Чацвёрты напрамак – трансфер тэхналогій у рэальны сектар эканомікі. Наступны прыярытэт – выкананне прарыўных даследаванняў і распрацовак, накіраваных на вырашэнне задач сусветнага ўзроўню. Філіял БНТУ «Навукова-даследчы політэхнічны інстытут» займаецца інавацыйнымі распрацоўкамі ў розных галінах. Да таго ж у нас 28 навукова-даследчых лабараторый, бюро, цэнтр, органы па сертыфікацыі прадукцыі, вытворчая лабараторыя «ФАБЛАБ», стартап-цэнтр «Ад ідэі да бізнесу».

Прыярытэт нумар шэсць – фарміраванне доследных участкаў, стварэнне навукова-адукацыйных кластараў, міждысцыплінарных даследаванняў. Наша УВА рыхтуе спецыялістаў яшчэ і па эканамічным, і па педагагічным профілі. Бо мы разу­меем, што цяпер прадпрыемствам неабходны спецыяліст, які ўмее чытаць спецыфікацыі, ведае галіну, разумее з эканамічнага боку, напрыклад, што неабходна гэтаму прадпрыемству, ведаючы яго прадукцыю. Да таго ж мы рыхтуем педагогаў, якія пасля будуць вучыць нашых студэнтаў-інжынераў з веданнем справы.

– Колькі вашых студэнтаў ахоплены навукай і ці ўдаецца разгледзець будучых даследчыкаў ужо на першых курсах?

– Каля 60 % нашых студэнтаў займаюцца навукай. Бо нават удзел у навуковых канферэнцыях – гэта ўжо вялікая справа для студэнта. Несумненна, на факультэтах, у дэканатах, на кафедрах уважліва вывуча­юць кожнага студэнта, глядзяць, якія кірункі альбо конкурсы, гранты, мера­п­рыемствы можна яму прапанаваць. Мы стараемся так выкладаць прадметы, каб у студэнтаў загараліся вочы. Часам яны мо­гуць вучыцца на адной спецыяльнасці, а выконваць навуковыя работы па іншай. Увогуле, гібрыднасць адукацыі і навукі звычайна дае нам добрага прафесіянала.

На жаль, не кожны наш даследчык-пачатковец ідзе ў магістратуру і не кожны магістрант даходзіць да аспірантуры. І гэта праблема, бо нам патрэбны кадры. Калі мы расцім кандыдата навук, то вялікая верагоднасць, што ён застанецца ва ўніверсітэце. Але адначасова з гэтым трэба разумець, што ёсць варонка, у якую трапляе каля 80 % студэнтаў. Затым варонка пачынае іх адсейваць па самых розных прычынах, таму толькі невялікая частка даходзіць да магістратуры, а да аспірантуры – яшчэ менш, затое ўсе яны каштоўныя. Пры гэтым чым больш юнакоў і дзяўчат трапіць у варонку, тым больш мы атрымаем ахопленых навукай. Якраз праграма інжынерных класаў, па якой зараз працуе БНТУ, дае магчы­масць ужо са школы пачынаць работу ў навуцы.

– У якіх напрамках больш плённа працуюць вашы вучоныя?

– Сёння мы імкнёмся быць лідарамі ў такіх напрамках, як адытыўныя тэхналогіі, лазерная зварка, інтэлектуальная транспартная інфраструктура гарадоў, функцыянальныя матэрыялы пакрыццяў, вытворчасць медыцынскіх вырабаў і абсталявання. Наш тэхнапарк, напрыклад, вырабляе каленныя і тазасцегнавыя суставы. Мы працуем напрамую з Міністэрствам аховы здароўя. Бо чаму б і не зрабіць айчынны пратэз у 2 разы таннейшы, чым замежны, і добрай якасці? Гэта вельмі важны аспект, і тут універсітэт заўсёды павінен быць наперадзе.

У нас таксама вельмі моцныя распрацоўкі па лазерных і аптычных сістэмах, тэхналогіях мікра- і электрамеханічных сістэм. Мы стараемся ўсе гэтыя напрамкі падтрымліваць, але пры гэтым зараз наша задача – вылучыць перспектыўныя. Напрыклад, мы разумеем, што беспілотны транспарт – гэта наша будучыня, да якой мы ўжо зараз спрабуем падрыхтавацца тэхналагічна.

Увогуле, ведаеце, калі я гляджу на навуковыя напрамкі нашай краіны, то думаю: Беларусь такая маленькая, але як многа саб­рана ў ёй разнастайных распрацовак!

Створаная ва ўніверсітэце інфраструктура дазваляе нашай моладзі не толькі развіваць творчыя здольнасці і самастойнасць у навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, але і паспяхова рэалізоўваць свае ідэі, ажно да арганізацыі ўласнага бізнесу. Дарэчы, укараненне ўніверсітэцкіх распрацовак на прадпрыемствах і ў арганізацыях краіны дазволіла ствараць новыя і мадэрнізаваць дзеючыя вытворчасці, выпускаць канкурэнтаздольную на сусветным рынку прадукцыю.

На працягу гэтага года было апублікавана больш за 3000 навуковых выданняў студэнтамі і магістрантамі БНТУ і прадстаўлена амаль 1000 навуковых работ, у тым ліку на Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ. Да таго ж адбылося звыш 100 навуковых укараненняў у практычную дзейнасць і адукацыйны працэс.

– Што б параілі студэнтам, якія ма­раць рэалізаваць свой навуковы патэнцыял?

– Тут вялікую ролю адыгрываюць настаўнікі, таму хочацца звярнуцца да іх: «Паважаныя педагогі, калі вы бачыце вучня з навуковым патэнцыялам, то хапайце яго і моцна трымайце». Каталізатарам заўсёды выступае менавіта работа навуковага кіраўніка, бо ён старэйшы. Другі момант: вельмі важна, каб у групах, а ў БНТУ ёсць такая практыка, быў куратар з ліку старшакурснікаў. Ён ведае студэнтаў, і яны не баяцца падысці да яго з пытаннем ці прапановай. Такія куратары заўсёды падкажуць, куды і да каго звярнуцца. Як правіла, іх вельмі падтрымліваюць дэканаты, а таму яны могуць вырашаць усе ўзнікаючыя пытанні напрамую, у тым ліку і з рознымі структурнымі падраздзяленнямі ўніверсітэта.

Яшчэ я парэкамендавала б маладым людзям, якія хочуць прыйсці ў навуку, не баяцца прапаноўваць свае ідэі і шукаць таго, хто адгукнецца на іх. Нават калі будзе неабходна заявіць пра сябе некалькі разоў, варта быць упартым, не баючыся і не саромеючыся выказаць сваё меркаванне па пэўным навуковым напрамку, і тады абавязкова ўсё атрымаецца.

– Ксенія Валянцінаўна, дзякуй вялікі за размову!

Источник: nastgaz.by

Content available under licence Creative Commons Attribution 4.0 License.
You'll be interested
Times news All news
1 July 2026 14:00
Do the right thing: the Faculty of Instrument Engineering
Today, about 1,400 students are studying at the Faculty of Instrument Engineering
1 July 2026 12:41
How to get a discount on tuition at BNTU in the 2026/27 academic year?
In this article, we explain who is eligible for tuition discounts and what documents are required to receive them.
1 July 2026 10:34
«The most important thing is to know the material well»: foreign students of BNTU on their thesis defense
The defense of a thesis is an exciting moment for any student, but it presents special challenges for foreigners. This day was the culmination of many years of work and a very important event.
30 June 2026 21:59
BNTU representatives honored the memory of the heroes at the Victory Monument
Thanks to the events of the campaign, students are strengthening their understanding of the inextricable link between generations and personal responsibility for preserving historical truth.