Кафедра "Спартыўная інжынерыя" створана ў лістападзе 2010 года і з'яўляецца адзінай кафедрай ва ўніверсітэтах краін СНД, якая мэтанакіравана ажыццяўляе падрыхтоўку інжынерных кадраў для галіны фізічнай культуры і спорту.
ПАДРЫХТОЎКА ІНЖЭНЕРНЫХ КАДРАЎ
Падрыхтоўка інжынераў на кафедры вядзецца па дзвюх спецыяльнасцях: 1-60 01 01 "Тэхнічнае забеспячэнне эксплуатацыі спартыўных аб'ектаў"; 1-60 02 02 "Вытворчасць і праектаванне спартыўнай тэхнікі". На спартыўных аб'ектах выпускнікі кафедры выконваюць работу, звязаную з эксплуатацыяй і тэхнічным абслугоўваннем сучасных сістэм дыспетчарызацыі тэхналагічных працэсаў, сістэм электроннага судзейства і дакументаабароту, сістэм кліматызацыі лядовых пляцовак і аўдыёвізуальных комплексаў. Падрыхтаваныя кафедрай спецыялісты акрамя галіны спорту запатрабаваны на прадпрыемствах прыборабудаўнічага профілю, у навукова-даследчых падраздзяленнях тэхнапаркаў і кампаніях малога бізнесу.
Падрыхтоўка інжынераў па спецыяльнасці 1-60 01 01 абумоўлена патрэбнасцю ў спецыялістах з веданнем і разуменнем не толькі работы асобных інжынерных сістэм, а ўсёй інжынернай інфраструктуры спартыўных аб'ектаў, што, у сваю чаргу, павышае эфектыўнасць эксплуатацыі збудаванняў. Кафедра дае магчымасць студэнтам на практычных занятках, якія праводзяцца на базе спартыўных збудаванняў, засвойваць і прымяняць тэарэтычны матэрыял непасрэдна ў практычнай дзейнасці. Супрацоўніцтва з вядучымі спецыялістамі спартыўных аб'ектаў краіны, адкрыццё філіялаў выпускаючай кафедры на базе МКСК "Мінск-Арэна" і ТАА "Інавацыйная кампанія "Інтэс" даюць магчымасць выкладаць многія спецыяльныя дысцыпліны на высокім прафесійным узроўні, укараняць назапашаны інжынерны вопыт у адукацыйны працэс, падвышаючы якасць навучання маладых адмыслоўцаў. "Мінск-Арэна" - унікальная стартавай пляцоўка для падрыхтоўкі спартыўных інжынераў з прафесійнымі кампетэнцыямі, якія даюць магчымасць на высокім узроўні вырашаць пошукавыя, аналітычныя, даследчыя, праектныя і прагнастычныя задачы.
Навучанне па спецыяльнасці 1-60 02 02 уключае ў сябе вывучэнне сэнсарнай тэхнікі, біямеханікі, анатоміі, электронікі, праграмнага забеспячэння. Спорт высокіх дасягненняў - гэта складаны шматэтапны і шматгадовы працэс падрыхтоўкі спартсмена, у якім немалаважную ролю адыгрываюць тэхнічныя сродкі для ацэнкі і павышэння розных бакоў падрыхтаванасці ўдзельнікаў трэніровачнага працэсу. Для забеспячэння дасягнення максімальных вынікаў выкарыстанне інфармацыйна-вымяральных сістэм пры правядзенні аднаўлення і рэабілітацыі спартоўцаў таксама з'яўляецца аб'ектыўнай неабходнасцю. Задача спецыялістаў, якія рыхтуюцца па гэтым напрамку, з аднаго боку, максімальна рэалізоўваць патэнцыял распрацаваных спартыўных тэхналогій і існуючай спартыўнай тэхнікі, з другога - укараняць новыя тэхнічныя сродкі ў эксплуатацыю.
З 2017 года ў рамках міждзяржаўных і міжвузаўскіх пагадненняў на кафедры вучацца замежныя грамадзяне з Расіі, Кітая, Туркменістана.
За дзесяць гадоў працы на кафедры спартыўнай інжынерыі падрыхтавана больш за 400 спецыялістаў, якія маюць сістэмныя інтэгральныя веды ў галіне інжынерыі, тэорыі і методыкі відаў спорту, біямеханікі і эрганомікі спорту, лічбавых інфармацыйных тэхналогій. Многія з выпускнікоў пачалі і працягваюць сваю прафесійную дзейнасць на базе вядучых айчынных спартыўных аб'ектах: МКСК "Мінск-Арэна", ГССУ "Чыжоўка-арэна", футбольныя стадыёны "Дынама" і "Барысаў-арэна", Палац спорту і інш.
НАВУКОВЫЯ ДАСЛЕДАВАННІ І ІНАВАЦЫЙНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ
У сістэме падрыхтоўкі кадраў важнае месца адведзена навукова-даследчай рабоце і інавацыйнай дзейнасці. Навуковыя даследаванні арыентаваны на распрацоўку і ўкараненне інжынерных рашэнняў у працэс падрыхтоўкі і рэабілітацыі спартсменаў, эксплуатацыю спартыўна-аздараўленчых комплексаў і збудаванняў. Студэнты ўдзельнічаюць сумесна з выкладчыкамі і спецыялістамі навучальна-спартыўных устаноў у распрацоўках новых трэнажораў, трэніровачных прылад, спецыяльнага інвентару і вырабаў спартыўнага прызначэння. Магістрантамі і аспірантамі выпускаючай кафедры з выкарыстаннем сучаснага абсталявання праводзяцца фундаментальныя і прыкладныя даследаванні ў рамках навуковага забеспячэння Дзяржаўных праграм развіцця фізічнай культуры і спорту ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама выконваюцца работы па навукова-метадычным забеспячэнні падрыхтоўкі спартсменаў зборных і нацыянальных каманд па прыярытэтных відах спорту. Найбольш творчыя студэнты кафедры задзейнічаны ў навукова-тэхнічным суправаджэнні вучэбна-трэніровачнага працэсу студэнтаў-спартсменаў высокай кваліфікацыі, якія атрымліваюць адукацыю ў БНТУ, аказваюць кансультатыўную дапамогу трэнерам і спартсменам у эксплуатацыі спартыўна-тэхналагічнага абсталявання, інфармацыйна-вымяральнай тэхнікі, трэнажораў і спартыўнага інвентару.
На занятках і ў навуковых даследаваннях студэнтамі, аспірантамі і выкладчыкамі кафедры выкарыстоўваюцца самыя сучасныя апаратна-праграмныя комплексы: для ацэнкі апорных узаемадзеянняў спартсменаў - АПК “Tekscan (ЗША); для ацэнкі біяэлектрычнай актыўнасці цягліц - АПК "Delsis" (ЗША); для "відэазахопу рухаў" і пабудовы мадэляў рухаў спартсменаў у трохмернай прасторы - АПК "Oualisys" (Швецыя); для дыягностыкі асаблівасцяў біямеханікі ступні і стварэння 3D мадэляў індывідуальных артэзаў - АПК "Orthema" (Швейцарыя). Неаднаразова магістранты кафедры станавіліся лаўрэатамі рэспубліканскіх конкурсаў студэнцкіх навуковых работ, а таксама ўладальнікамі грантаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Выкладчыкі кафедры прымалі актыўны ўдзел у стварэнні новай навуковай спецыяльнасці 05.11.19 - Метады і сродкі тэхнічнага забеспячэння фізічнай культуры і спорту (галіна навук - тэхнічныя, педагагічныя), адкрытай у 2013 годзе Пастановай ВАК Рэспублікі Беларусь. У аспірантуру па дадзенай спецыяльнасці штогод паступаюць выпускнікі магістратуры, арыентаваныя на працяг навукова-даследчай дзейнасці.
З мэтай фарміравання інавацыйных падыходаў да спартыўных тэхналогій і іх практычнага выкарыстання пры падрыхтоўцы спецыялістаў для галіны фізічнай культуры і спорту ў 2019 годзе па ініцыятыве Міністэрства спорту і турызму і Міністэрства адукацыі створаны навукова-адукацыйны кластар "Інтэлектуальныя тэхналогіі ў спорце", у склад якога ўвайшлі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. На базе кластара праводзяцца навучальныя заняткі, а таксама навуковыя даследаванні студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і выкладчыкаў кафедры.