From science and innovations to start-up and business

Ад навукі і інавацый — да стартапаў і бізнесу

8651
7 February 2019 11:00

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, які ў будучым годзе адзначыць 100-гадовы юбілей, стаў удзельнікам эксперыментальнага праекта па стварэнні новай мадэлі “Універсітэт 3.0”. Для найстарэйшай тэхнічнай установы вышэйшай адукацыі краіны гэта нібы амалоджвальная працэдура. Усё ёсць: вопыт, сувязі, багатыя навуковыя напрацоўкі… Пераход на новую мадэль дасць універсітэту прыток маладой энергіі, дадатковую матывацыю і штуршок для далейшага развіцця.

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт — гэта як асобны горад унутры сталіцы. Тут вучацца больш як 35 тысяч студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў; выкладаюць і вядуць навуковыя даследаванні каля 2000 чалавек з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу.

У структуры ўніверсітэта — 16 факультэтаў, 6 інстытутаў, 9 філіялаў па падрыхтоўцы спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыяй (каледжаў), ліцэй. 

Падрыхтоўку інжынерных кадраў для эканомікі краіны ажыццяўляюць 115 кафедр. Ва ўніверсітэце 32 навукова-даследчыя лабараторыі, навукова-тэхналагічны парк “Палітэхнік” і завод “Палітэхнік”.

Пераход да мадэлі “Універсітэт 3.0” — гэта чарговы этап развіцця БНТУ, — гаворыць прарэктар па вучэбнай рабоце Юрый Нікалайчык. — Базай для стварэння сучаснага прадпрымальніцкага ўніверсітэта з’яўляецца той значны патэнцыял, які быў напрацаваны ў рамках універсітэта 2.0 (адукацыя і навука). У новай мадэлі, акрамя адукацыйнай і навуковай дзейнасці, моцна развіваецца трэці складнік — камерцыялізацыя, актыўнае ўкараненне навуковых распрацовак у вытворчасць і іх вывад на рынак.

Для БНТУ гэтая задача не новая, многія элементы канцэпцыі “Універсітэт 3.0” тут ужо рэалізаваны. Экасістэма ўключае ў сябе кафедры і навукова-даследчыя лабараторыі па розных напрамках тэхнікі і тэхналогій, тэхнапарк “Палітэхнік”, доследны завод “Палітэхнік”, фаблаб і стартап-цэнтр. Зараз стаіць задача цесна інтэграваць усе інавацыйныя структуры і выбудаваць адзіную ўніверсітэцкую экасістэму.

начальнік медыяцэнтра БНТУ Віталь Гмырак

Віталь ГМЫРАК:

Фаблаб — гэта міжнародны праект, які рэалізоўваецца ў рамках праграмы Еўрапейскага саюза “Эразмус+”. У ім прымаюць удзел Данія, Францыя, Бельгія, Іспанія, Партугалія, Вялікабрытанія. У Беларусі ў рамках праекта фаблабы з’явіліся ў двух універсітэтах — у БНТУ і БДУ.

У адрозненне ад ІТ, дзе для стварэння прадукту патрэбны толькі камп’ютар, у нашай сферы неабходна яшчэ абсталяванне для матэрыялізацыі ідэі. Задача фаблаба — дапамагчы маладым людзям стварыць прататып. Маючы на руках гатовы выраб, яны могуць хутчэй знайсці інвестара. 

Фаблаб БНТУ — гэта лабараторыя хуткага прататыпавання, аснашчаная 3D-прынтарамі, 3D-сканерамі, лазернымі разакамі, прасцейшымі станкамі з лічбавым кіраваннем і іншымі прыкладнымі інструментамі (каля 25 пазіцый). Дзякуючы фінансаванню Еўрапейскага саюза, набыта і ўстаноўлена абсталяванне коштам каля 25 тысяч еўра.

Карыстацца лабараторыяй могуць студэнты, а таксама супрацоўнікі і выкладчыкі ўніверсітэта, якія маюць інавацыйныя ідэі. У фаблабе іх задумы могуць быць рэалізаваны”.

Тэхнапарк “Палітэхнік”

Навукова-тэхналагічны парк БНТУ “Палітэхнік” — першы і найбуйнейшы ўніверсітэцкі тэхнапарк у краіне. Ён з’явіўся, калі ў вышэйшай школе яшчэ і размовы не было пра ўніверсітэт 3.0 (1992 год), з мэтай стварэння і падтрымкі новых інавацыйных вытворчасцей. На гэты час у партфелі тэхнапарка больш за 50 інавацыйных праектаў вучоных і студэнтаў з розных сфер. 

Сёння рэзідэнтамі тэхнапарка “Палітэхнік” з’яўляюцца каля 20 прадпрыемстваў, — расказвае начальнік медыяцэнтра БНТУ Віталь Гмырак, — і ўсе яны не прыйшлі аднекуль, а нарадзіліся ў экасістэме ўніверсітэта і заснаваны на распрацоўках нашых вучоных і студэнтаў. Дарэчы, адным з крытэрыяў работы прадпрыемстваў у структуры тэхнапарка з’яўляецца менавіта сувязь з універсітэтам. Ідзе пастаянны абмен ідэямі і напрацоўкамі. Так, навуковыя даследаванні для вытворчых прадпрыемстваў выконваюцца ў навукова-даследчых лабараторыях і на кафедрах БНТУ. Выраб прадукцыі адбываецца на заводзе “Палітэхнік”. Усе структуры ўзаемазвязаны. На базе тэхнапарка “Палітэхнік” студэнты праходзяць практыку, ажыццяўляюць курсавое і дыпломнае праектаванне.

Юрый НІКАЛАЙЧЫК:

“Рыхтуючы спецыялістаў у галіне тэхнікі і тэхналогій, мы будуем адукацыйны працэс у адпаведнасці з канцэпцыяй “Індустрыя 4.0”. Вытворчасць развіваецца, і адукацыя мусіць развівацца паралельна ці, яшчэ лепш, з апярэджаннем.

Укараняем у вучэбны працэс праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе студэнтам мадэляваць і праектаваць розныя аб’екты і канструкцыі. Яно ахоплівае ўсе напрамкі, якія ёсць ва ўніверсітэце: прыбора- і машынабудаванне, металургію, архітэктуру і інш. Напрыклад, калі гаварыць пра архітэктуру і будаўніцтва, то зараз актыўна выкарыстоўваюцца BIM-тэхналогіі (Building Information Modeling) — інфармацыйнае мадэляванне будынкаў. Студэнты ствараюць лічбавы двайнік будучага збудавання, выкарыстоўваюць пры гэтым неабходныя архітэктурныя элементы і падыходы, матэрыялы, складаюць каштарыс і г.д. Так, яны могуць змадэляваць увесь жыццёвы цыкл лічбавага двайніка, атрымліваючы поўнае ўяўленне пра ўсе працэсы на кожным этапе праектавання і будаўніцтва”.

Завод “Палітэхнік”

Уласны доследны завод дае ўніверсітэту значную вытворчую свабоду: шлях ад распрацоўкі да гатовага вырабу значна карацейшы, чым калі б распрацоўшчыкі мусілі шукаць вытворцаў звонку. 

Завод — гэта вытворчае ядро, дзе прадпрыемствы — рэзідэнты тэхнапарка размяшчаюць свае заказы на выраб інавацыйнай прадукцыі, — тлумачыць Віталь Гмырак. — Напрыклад, прадпрыемства “Прамысловыя экалагічныя сістэмы” — вядомы брэнд не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Абсарбцыйна-біяхімічныя ўстаноўкі ачысткі вентыляцыйнага паветра ад шкодных арганічных рэчываў па заказе гэтага прадпрыемства вырабляюцца менавіта на доследным заводзе БНТУ. І такіх прыкладаў шмат.

На заводзе “Палітэхнік” размешчана сучаснае, у тым ліку ўнікальнае абсталяванне, ёсць чыстыя пакоі, што дазваляе адпрацоўваць тэхналогіі і выпускаць прадукцыю самага рознага прызначэння. Напрыклад, медыцынскія прылады вытворчасці завода “Палітэхнік” — біялагічныя клапаны сэрца, пратэзы сасудаў, пасткі для тромбаў і г.д.

Вельмі важна, што інавацыйная вытворчасць адкрыта для моладзі, — гаворыць Юрый Нікалайчык. — Зараз кіраўніцтва БНТУ, улічваючы жаданне многіх студэнтаў падзарабіць, ставіць задачу стварэння рабочых месцаў для іх менавіта ва ўніверсітэце — у навукова-даследчых лабараторыях, у тэхнапарку, на заводзе. Такая работа, непасрэдна звязаная з будучай працоўнай дзейнасцю, будзе вельмі карыснай для маладых людзей. Дарэчы, ужо сёння ў БНТУ на розных пасадах працуе каля сотні студэнтаў.

Маладзёжнае прадпрымальніцтва

Значная роля пры пераходзе на мадэль “Універсітэт 3.0” адводзіцца стартап-цэнтру БНТУ, які быў створаны ў 2014 годзе ў рамках праграмы ЕС Tempus. Гэтая структура дапамагае студэнтам ствараць бізнес ва ўніверсітэце.

Вялікую папулярнасць набыла стартап-школа БНТУ — інтэнсіўны курс, калі на працягу пэўнага перыяду вопытныя прадпрымальнікі, супрацоўнікі тэхнапарка, выкладчыкі, навукоўцы, знешнія эксперты працуюць са студэнтамі па розных напрамках.

Калі раней мы праводзілі стартап-школу раз на год, то зараз колькасць студэнтаў, зацікаўленых у павышэнні сваіх прадпрымальніцкіх навыкаў і развіцці ўласных праектаў, няўхільна расце, — расказвае Віталь Гмырак. — Цяпер наша стартап-школа праводзіцца 2—3 разы на год. Маладыя людзі атрымліваюць вельмі важныя веды ад практыкаў: як скласці бізнес-план, як правесці маркетынгавыя даследаванні, як знайсці фінансаванне, якія існуюць рызыкі, як кіраваць персаналам і г.д. Кола тэм вельмі шырокае. Фінальным акордам вучобы, калі ўжо студэнты падрыхтаваны, з’яўляецца прэзентацыя праектаў перад экспертным журы.

Віталь Мікалаевіч гаворыць, што з кожным разам узровень праектаў павышаецца. Напрыклад, летась у конкурсе перамог праект “Біянічная рука”. Галоўным прызам для яго аўтараў стаў год бясплатнага інкубіравання на базе тэхнапарка “Палітэхнік” і свабодны доступ да фаблаба, дзе яны могуць дапрацаваць свой прадукт.

— Спадзяёмся, што хутка праект выйдзе на ўзровень прадпрыемства і будзе мець поспех на рынку, — дзеліцца меркаваннем Віталь Гмырак. — Вытворчая інфраструктура тэхнапарка БНТУ гэтаму садзейнічае. Адпаведнае абсталяванне ёсць, і маладыя людзі могуць стварыць не толькі доследны ўзор, але і выпусціць дробную серыю, а пасля адпаведных выпрабаванняў — адкрыць паўнавартасную вытворчасць.

Кіраўніцтва БНТУ заахвочвае кааперацыю паміж прадстаўнікамі розных падраздзяленняў універсітэта. Той жа праект “Біянічная рука” шмат у чым выйграў, таму што была міждысцыплінарная каманда: у яе ўвайшлі студэнты прыборабудаўнічага і энергетычнага факультэта, факультэта маркетынгу і менеджменту.

— Поспех не там, дзе ёсць ідэя і чалавек у адзіночку спрабуе яе рэалізаваць, — гаворыць Віталь Мікалаевіч. — Поспех — гэта калі ёсць каманда, аб’яднаная адной мэтай, і разуменне, як яе дасягнуць.

Студэнтам у такім асяроддзі цікава жыць і вучыцца. Быць актыўным і разумным становіцца выгадна. Бо веды і творчасць — гэта не проста дзеля нейкай міфічнай кар’еры ў будучыні, іх можна манетызаваць тут і зараз.

Дзякуючы стартап-руху, у студэнтаў павышаецца матывацыя да адукацыйнай дзейнасці, — гаворыць Юрый Нікалайчык. — Яны разумеюць, што ідэя, якая ўзнікла на лекцыі ці практычных занятках, можа быць увасоблена ў жыццё, прынесці прыбытак. Але для гэтага трэба валодаць пэўным узроўнем кампетэнцый, а значыць — паглыбляцца ў вучобу, ствараць аснову для будучага развіцця.

Крыніца: Настаўнiцкая газета 

 

Content available under licence Creative Commons Attribution 4.0 License.
8651
7 February 2019 11:00
You'll be interested
Times news All news
30 August 2026 7:00
Congratulations from the BNTU Rector on Miner's Day
This article also discusses the history and traditions of the holiday, as well as the training of specialists for the mining industry at BNTU.
28 August 2026 13:25
Girls in engineering: Karina Lyutsko
Unlike many future engineers, the girl wasn’t a “purely technical person.” She was equally interested in physics and chemistry, as well as literature and history. Modern reality proves that it is precisely women’s attentiveness, interdisciplinary thinking, and ability to see non‑obvious connections — among other things — that drive modern science forward.
27 August 2026 11:40
Students' Emotions Awaiting the Opening of BNTU Building 15
The meaning of the return of Building 15 to service is best expressed by those for whom it was reconstructed.
26 August 2026 15:35
Students from Uzbekistan have begun the second stage of their studies at BNTU: getting acquainted with the campus and visiting the Center for Uzbek Culture.
A new group of students from the Republic of Uzbekistan, studying under joint educational programs, has arrived in Minsk.