Канферэнцыя стала пляцоўкай для абмену навуковым і педагагічным вопытам у галіне сучаснай лінгвістыкі і лінгвадыдактыкі прадстаўнікоў вышэйшых навучальных устаноў пяці краін свету, у ліку якіх вучоныя і выкладчыкі з Расіі, Туркменістана, Узбекістана, Кітая, Беларусі.
Адкрыў Канферэнцыю прарэктар БНТУ па вучэбнай рабоце Ю. А. Нікалайчык. Прывіталі ўдзельнікаў дэкан ФМС П. І. Шырвель, загадчык кафедры “Беларуская і руская мовы” І. У. Будзько.
На пленарным пасяджэнні гучалі даклады вядомых расійскіх і беларускіх вучоных. Сваю манаграфію прадставіла Э. М. Афанасьева, галоўны навуковы супрацоўнік праектнай навуковай лабараторыі інавацыйных сродкаў навучання рускай мове Дзяржаўнага інстытута рускай мовы імя А. С. Пушкіна; аб метадах работы з замежнымі студэнамі расказала Н. В. Баско, дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, вядомая нам як аўтар найбольш папулярнага падручніка па дысцыпліне “Руская мова як замежная”; В. У. Белы, дацэнт кафедры “Беларуская і руская мовы” БНТУ, прапанаваў увазе ўдзельнікаў даклад аб культуры мовы ва ўмовах двухмоўя ў Беларусі; Л. А. Гіруцкая, старшы выкладчык кафедры, прысвяціла сваё выступленне канцэпту “сумленне” ў беларускіх фразеалагізмах і афарызмах. Выступоўцы пазнаёмілі ўдзельнікаў Канферэнцыі з вынікамі сваёй навуковай і выкладчыцкай дзейнасці, прэзентавалі найбольш актуальныя метады работы па навучанні мовам, звярнулі ўвагу на значэнне міждысцыплінарнага аспекту выкладання, пазначылі сучасныя тэндэнцыі развіцця лінгвістыкі і літаратуразнаўства ў дапамогу выкладчыкам моў.
Агульнае праблемнае поле Канферэнцыі ўключала найбольш важныя на сучасным этапе пытанні выкладання моў: што трэба ведаць пра мову, акрамя самой мовы, каб яе выкладаць? Ці могуць факты гісторыі і культуры народа садзейнічаюць лінгвадыдактычным мэтам і задачам? Якія наватарскія метады і прыёмы абумоўліваюць найбольш хуткае засваенне матэрыялу? Гэтыя і другія праблемы ляглі ў аснову дакладаў на пасяджэннях секцый.
Стаць удзельнікам Канферэнцыі можна было не толькі ў фармаце афлайн, але і анлайн – трансляцыя вялася праз платформу Microsoft Teams.
Анлайн-секцыі працавалі ў межах тэм, якія асвятлялі праблемы навучання мовам ва ўмовах сучаснай адукацыйнай прасторы. Так, інфармацыйным тэхналогіям у дапамогу выкладчыкам і студэнтам прысвяцілі свае даклады выкладчыкі Туркменскага архітэктурна-будаўнічага інстытута. Пры адрозненні меркаванняў аб ролі ІТ у навучанні мовам усе выступоўцы сышліся ў меркаванні аб тым, што непасрэдныя зносіны паміж выкладчыкам і студэнтам – найбольш важная і неад’емная частка сістэмы паспяховага засваення ведаў.
У дыстанцыйнай секцыі “Актуальныя праблемы выкладання рускай мовы як замежнай у кітайскай аўдыторыі” ўзялі ўдзел 5 выступоўцаў з Шэньянскага тэхналагічнага інстытута (КНР). Сярод іх наша калега па кафедры старшы выкладчык Ж. А. Пушкіна, якая ў гэтым навучальным годзе ажыццяўляе ў Кітаі місію правадніка рускай мовы. Выступленні былі прысвечаны такім важным пытанням выкладання рускай мовы як замежнай, як этнакультурныя асаблівасці кітайскіх студэнтаў, адрозненні фанетычнага ладу рускай і кітайскай моў, анлайн-навучанне, выкарыстанне нацыянальнага корпуса рускай мовы і пад. Выкладчыкі БНТУ і ШТУ падзяліліся адзін з адным метадычнымі распрацоўкамі, абмеркавалі шляхі рашэння праблем, абазначылі перспектывы ўзаемнага супрацоўніцтва. Завяршыла работу секцыі аспірантка ШТУ Чжан Ваньі, якая выступіла з дакладам аб праблемах навучання гаварэнню на рускай мове і аўдзіраванню рускага маўлення.
Канферэнцыя завяршылася, каб праз некаторы час зноў сабраць прафесіяналаў з розных краін свету пад дахам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Па выніках ІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Этнакультурны і сацыялінгвістычны аспекты ў тэорыі і практыцы выкладання моў у негуманітарных ВНУ” з’явіцца зборнік матэрыялаў канферэнцыі.
