Дэлегацыя БНТУ ў складзе загадчыка кафедры «Беларуская і руская мовы» ФМС Будзько І.В. і загадчыцы падрыхтоўчага аддзела для замежных грамадзян ФМС Кондэрэшка Н.А. з 6 па 9 красавіка 2026 года прымае ўдзел у мерапрыемствах 11-га штогадовага Еўразійскага саміту па вышэйшай адукацыі EURIE 2026 (Стамбул, Турцыя), які з'яўляецца галоўным міжнародным мерапрыемствам у галіне адукацыі ў еўразійскім рэгіёне. Праграма саміту прысвечана актуальным пытанням інтэрнацыяналізацыі вышэйшай адукацыі і ключавым тэмам кіравання вышэйшай адукацыяй.
EURIE аб’ядноўвае ўніверсітэты еўразійскага рэгіёну з універсітэтамі і зацікаўленымі бакамі ў галіне вышэйшай адукацыі з усяго свету і прапануе эфектыўныя магчымасці для наладжвання супрацоўніцтва ў сферы міжнароднай адукацыі, абмену ідэямі, вопытам і перадавымі практыкамі ў галіне інтэрнацыяналізацыі вышэйшай адукацыі, для абмеркавання праблем, з якімі сутыкаецца вышэйшая адукацыя сёння, вывучэння новых тэндэнцый і пошуку інавацыйных рашэнняў. У саміце прымаюць удзел кіраўнікі вышэйшага звяна, каардынатары праграм, супрацоўнікі аддзелаў міжнароднага маркетынгу ўніверсітэтаў, кансультанты па адукацыі за мяжой і прадстаўнікі дзяржаўных органаў.
8 красавіка адбылася сустрэча з работнікамі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Турцыі, падчас якой удзельнікі абмеркавалі ключавыя напрамкі супрацоўніцтва ў сферы адукацыі.
Да афіцыйнага адкрыцця ўдзельнікі саміту з мэтай азнаямлення наведалі Стамбулскі ўніверсітэт Айдын (Istanbul Aydin University), які быў заснаваны ў 2003 годзе. Навуковая дзейнасць універсітэта базуецца на сучасных тэхналогіях. На тэрыторыі кампуса размешчаны найбуйнейшы тэхнацэнтр краіны, у якім знаходзяцца 12 лабараторый па мехатроніцы, механіцы, харчовай прамысловасці, хіміі, фізіцы, модульнай электроніцы, тэкстылі, мікраскопіі, генетыцы і аўтамабілебудаванні. ВНУ імкнецца развіваць міжнародныя сувязі, прымаючы замежных студэнтаў, арганізоўваючы праграмы мабільнасці і супрацоўнічаючы з навучальнымі ўстановамі па ўсім свеце.

