«Дзед і бацька не любілі фальшу». Канстанцін Міцкевіч пра працу ў інжынерным асяроддзі і памяць пакаленняў

«Дзед і бацька не любілі фальшу». Канстанцін Міцкевіч пра працу ў інжынерным асяроддзі і памяць пакаленняў

У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце вялікую ўвагу надаюць захаванню гістарычнай спадчыны і пераемнасці пакаленняў. У гэтай сувязі для працаўнікоў і студэнтаў 2026 год асаблівы па шэрагу прычын, адна з іх – 100-годдзе з дня нараджэння выдатнага вучонага ў галіне апрацоўкі металаў, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, доктара тэхнічных навук, выпускніка БНТУ Міхаіла Канстанцінавіча Міцкевіча. Яго імя неаддзельна не толькі ад гісторыі Палітэха, але і ўсёй беларускай культуры, бо ён малодшы сын народнага паэта Якуба Коласа.

Пра сваіх бацькоў, працу ў інжынерным асяроддзі і памяці пакаленняў у сённяшнім інтэрв'ю распавёў старшы выкладчык кафедры «Беларуская і руская мовы», сын Міхаіла Міцкевіча і ўнук Якуба Коласа Канстанцін Міцкевіч. Для яго БНТУ – сапраўды сямейная справа: тут амаль тры дзесяцігоддзі працавала яго маці, а ён сам ужо шмат гадоў вучыць тэхнічную моладзь тонкасцям мовазнаўства.

Калі чуеш прозвішча Міцкевіч у сценах БНТУ, першая асацыяцыя – вялікая літаратура і славуты дзед. Аднак для самога Канстанціна Міхайлавіча гэта прозвішча – штодзённая адказнасць, якую ён нясе з годнасцю.

Шлях у філалогію не быў для выкладчыка выпадковым. Яшчэ ў школе ён вызначыўся як гуманітарый і, хоць вагаўся паміж гісторыяй і юрыспрудэнцыяй, у выніку выбраў філалагічны факультэт. Пасля яго заканчэння малады спецыяліст трапіў у Палітэхнічны інстытут працаваць з замежнымі студэнтамі, а калі адкрылі курс беларускай мовы, канчаткова перайшоў у гэтую стыхію. Аднак, як прызнаецца сам выкладчык, галоўны стымул і крытэрый якасці яго працы заклала мама.

– Маці, якая 30 гадоў працавала ў Палітэхнічным інстытуце на кафедры тэорыі механізмаў і машын, і сказала мне: «Я была лепшым выкладчыкам, і ты павінен трымаць гэтую марку», – успамінае Канстанцін Міхайлавіч.

Цікава, што пра дзеда – Якуба Коласа – у аўдыторыі ён імкнецца не нагадваць. Гэта свядомы прынцып, выпрацаваны яшчэ ў юнацтве.

– Я не любіў «піярыцца» на дзядулю ні ў школе, ні ва ўніверсітэце, хоць на філфаку ўсе разумелі па прозвішчы. Калі на цябе глядзяць толькі як на сына ці ўнука, узнікае пытанне: «А сам ты хто?» Таму я імкнуўся скончыць філалогію з адзнакай, каб ніхто не сказаў, што тут быў унук і дрэнна вучыўся, – тлумачыць выкладчык.

Дзяцінства Канстанціна Міхайлавіча прайшло ў асяроддзі, якое сёння назвалі б інтэлектуальнай элітай. Ён па-сапраўднаму ўсведамляе, наколькі яму пашанцавала назіраць за людзьмі, якія тварылі беларускую навуку і культуру. Асабліва ён вылучае дзядзьку Фёдара Іванавіча Фёдарава – першага беларускага кандыдата і доктара фізіка-матэматычных навук, акадэміка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР. Пра яго ў сям'і казалі як аб бліскучым вучоным і надзвычай строгім экзаменатары.

– З тых, каго я ведаў асабіста, – гэта сябры бацькоў па Палітэху. Старастам групы быў Сяргей Сцяпанавіч Касцюковіч, які ў далейшым стаў дэканам машынабудаўнічага факультэта і прарэктарам па вучэбнай рабоце. Яго жонка Тамара Іосіфаўна Кажанкова працавала тут жа. Рэм Іванавіч Тамілін стаў дэканам оптыка-механічнага факультэта. Гэта была вельмі вясёлая кампанія. У дзяцінстве для мяне яны былі проста добрыя дзядзькі і цёткі, але нават тады я заўважаў, што яны надзвычай адукаваныя людзі, якія ведалі ўсю літаратуру і культуру, – успамінае Канстанцін Міцкевіч.

А вось гісторыя знаёмства бацькоў – Міхаіла Канстанцінавіча Міцкевіча і Наталлі Іванаўны Фёдаравай – вартая асобнага апавядання і нагадвае любоўны раман з лёгкімі жартамі і літаратурным падтэкстам. Бацька – малодшы сын Якуба Коласа, маці – малодшая дачка Янкі Маўра. Іх бацькі, класікі беларускай літаратуры, пазнаёміліся яшчэ на нелегальным з'ездзе настаўнікаў, які апісаны ў трылогіі «На ростанях». Першая ж сустрэча іх дзяцей адбылася ў доме аднаго з пісьменнікаў на навагоднім ранішніку, калі Янка Маўр сказаў дачцэ, паказваючы на хлопчыка: «Вось паглядзі, гэта той самы Міхаська, пра прыгоды якога мы чыталі».

Аднак сапраўдная гісторыя кахання пачалася пазней – у Маскве. Абодва перажывалі цяжкіе гады эвакуацыі. Якуб Колас з сям’ёй – у Ташкенце. Янка Маўр – у Алма-Аце. Атрымаўшы атэстат з адзнакай аб заканчэнні школы, Наталля стала раіцца з бацькам, куды пайсці вучыцца. Больш за іншыя дысцыпліны яе вабіла матэматыка. Збіралася паступаць у Казахскі ўніверсітэт, аднак бацька раіў, матывуючы тым, што 5 гадоў вучобы і 3 гады працы ў далекім ауле – гэта 8 гадоў жыцця адной за тысячы кіламетраў ад роднай Беларусі. Лепш паступіць у Маскоўскі авіяцыйны інстытут, які знаходзіцца тут, у Алма-Аце. Па сканчэнні вайны інстытут вернецца у Маскву. А ад Масквы да Беларусі зусім недалёка. 

У 1943 годзе Маскоўскі авіяцыйны інстытут перабазіраваўся ў Маскву. У гэтай навучальнай установе вучыўся і Міхась. Наталля страціла свой пропуск у Мінску, а інстытут быў рэжымны. Жонка Максіма Лужаніна даручыла Міхасю перадаць пропуск Наталлі Фёдаравай. З фотаздымка глядзела прыгожая дзяўчына, з якой было цікава пазнаёміцца. Міхась адшукаў яе групу. На запытанне: «Ці ёсць Фёдарава?» выйшла худзенькая дзяўчына, не падобная на тую, што на здымку. Хлопец не знайшоў нічога лепшага, як ляпнуць: «А на фота вы прагажэйшая».

Але самым камічным стаў момант, калі маладыя вырашылі паведаміць бацькам пра вяселле. Міхаіл папрасіў Якуба Коласа перадаць віншаванні Янку Маўру з тым, што яго дачка выйшла замуж, а Наталля папрасіла Янку Маўра перадаць тое ж самае Якубу Коласу. 

Калі Наталля выканала даручэнне (передала Янку Маўру тое, аб чым дамовіліся), ён адразу спытаў: «А з кім жа Міхась мог ажжаніца, акрамя цябе?» І яна прызналася ва ўсім свайму бацьку, але свайму мужу пра гэта не сказала. Якуб Колас выканаў просьбу сына. Сустрэўшыся з Янкам Маўрам, павіншаваў яго, не падазраваючы таго, што Якуб Колас не ў курсе справы. Янка Маўр спытаў: «Дык што мы будзем рабіць з нашымі дзеткамі?» А Якуб Колас яму адказаў: «А што хочаш, тое і рабі».

На наступны дзень Янка Маўр вырашыў пайсці да Якуба Коласа і высветліць, што той мае супраць яго дачкі. Хатняя гаспадыня Якуба Коласа Марыя Георгіеўна, убачыўшы Янку Маўра, запыталася: «А за каго выходзіць Наташа? Ці не за нашага Міхасіка?» — «А вы што, не ведалі? Бедны Колас! Як гэта яму не паведамілі?»

Якуб Колас і Янка Маўр адсвяткавалі шлюб дзяцей, а праз дзень Якуб Колас прыехаў да маладых у Маскву. Ён прывез падарунак і сказаў: «Ну, нявестка, накрывай на стол!»

Сённяшняя круглая дата – 100-годдзе з дня нараджэння Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча – для БНТУ не проста чырвоны дзень календара. Выпускнік Палітэха, ён абараніў дысертацыю, шмат гадоў працаваў у Фізіка-тэхнічным інстытуце Акадэміі навук, цесна супрацоўнічаў з Фізіка-тэхнічным інстытутам. Яго працы ў галіне электраэразийнай апрацоўкі металаў атрымалі высокае прызнанне.

– За сувязь навукі з вытворчасцю ён атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР. Тады гэта была яшчэ прэмія СССР, але ад Беларусі, – удакладняе Канстанцін Міхайлавіч.

Аднак мала хто ведае, што сур'ёзны навуковец быў яшчэ і таленавітым фатографам і майстрам спорту. Захапленне стральбой і паляваннем перадалося яму ад старэйшага брата Юркі, які загінуў у гады вайны.

– Бацька быў майстрам спорту, меў рэкорды Саюза, на першай Спартакіядзе народаў СССР у стральбе на стэндзе заняў чацвёртае і шостае месцы. Але найбольшым яго захапленнем была фатаграфія. Большасць здымкаў Якуба Коласа, якія мы ведаем, зроблены менавіта ім. Дзед не любіў фатаграфавацца, але сын мог яго «падлавіць». Бацька казаў: «Трэба здымаць так, быццам чалавек займаецца сваёй справай і не заўважае, што яго здымаюць», – дзеліцца ўспамінамі Канстанцін Міхайлавіч.

Акрамя звычайных фота, Міхаіл Канстанцінавіч захапляўся стэрэаздымкамі і слайдамі. Яго калекцыя слайдаў прыроды – сапраўдны твор мастацтва, сведчанне не толькі тэхнічнага майстэрства, але і тонкага мастацкага густу.

Працуючы на кафедры, якая забяспечвае гуманітарныя дысцыпліны ва ўсім універсітэце, Канстанцін Міхайлавіч выпрацаваў уласны падыход да навучання будучых інжынераў. Ён перакананы: мова – гэта сістэма, і тлумачыць яе трэба з дапамогай зразумелых тэхнарам алгарытмаў.

– Не ўсе нефілолагі гэта разумеюць, але мова – гэта сістэма, і гэта трэба растлумачыць студэнтам. Я прыводжу такія матэматычныя прыклады: «Ікс плюс ікс роўна два ікс, а ігрэк плюс ігрэк – колькі будзе?» Гэта ж іншая літара, мы ж гэта бачым? Вось так і ў мове. Калі злавіў алгарытм, тады ўсё проста. А калі няма, узнікае адчуванне хаосу, – тлумачыць педагог.

Сёння БНТУ для Канстанціна Міхайлавіча – гэта больш, чым проста месца працы. Гэта прастора, дзе перасякаюцца лёсы яго сям'і. Адказваючы на пытанне аб місіі, ён асцярожны ў высакамоўных словах, і гэта таксама сямейная рыса.

– Дзед і бацька не любілі фальшу. Таму слова «місія» занадта высокае. Проста працуеш на сваім месцы і імкнешся зрабіць тое, што можаш. Галоўнае – быць сумленным і цікавіцца рознымі пытаннямі. Вось чаму я стараюся вучыць студэнтаў не толькі мове, – разважае ён.

Свае пажаданні студэнтам БНТУ Канстанцін Міхайлавіч фармулюе проста і шчыра:

– Жадаю дабра, поспехаў, каб усё атрымлівалася. І самае галоўнае – здабываць добрыя веды і стаць сапраўднымі спецыялістамі.

Прозвішча Міцкевіч назаўсёды ўпісана ў гісторыю беларускай культуры і навукі. І пакуль у аўдыторыях БНТУ гучыць беларускае слова, пакуль ёсць тыя, хто перадае веды і традыцыі, гэтая сувязь часоў не перарываецца. Канстанцін Міцкевіч працягвае справу сваёй сям'і – ціха, але ўпэўнена, проста робячы сваю працу выдатна.

Автор материала: Виолетта Ёчь, пресс-служба Медиацентра БНТУ
Фото: Владислав Иванов, из личных архивов Константина Мицкевич

Кантэнт даступны пад ліцэнзіяй Creative Commons Attribution 4.0 License.
Вам будзе цікава
Навіны Times Усе навіны
22 ліпеня 2026 21:59
В БНТУ прошло открытое заседание по зачислению абитуриентов-бюджетников на основе результатов ЦЭ/ЦТ
На заседании деканы представили проходные, полупроходные баллы по специальностям, а также разъяснили критерии отбора поступающих.
22 ліпеня 2026 11:57
Спасибо, альма-матер! Андрей Сидюк о важности непрерывного развития и любви к своему делу
Пообщались с выпускником ПСФ и узнали, как создается современная бытовая техника и что самое главное в студенчестве.
21 ліпеня 2026 17:08
Дэлегацыя Санкт-Пецярбургскага горнага ўніверсітэта наведала цэнтр «Лічбавае машынабудаванне»
9 ліпеня цэнтр кампетэнцый "Лічбавае машынабудаванне" машынабудаўнічага факультэта прымаў дэлегацыю студэнтаў Санкт-Пецярбургскага горнага ўніверсітэта
21 ліпеня 2026 11:55
Студэнты 1 курса кафедры «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных сістэм і тэхналогій» на экскурсіі на ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод»
Студэнты пазнаёміліся з вытворчымі працэсамі, сучасным абсталяваннем і выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій на прадпрыемстве.