Вышэйшая архітэктурная школа Беларусі рыхтуе архітэктараў шырокага профілю. Выпускнікам універсітэта выдаецца дыплом з прысваеннем кваліфікацыі "архітэктар", і яны атрымліваюць права займацца творчай дзейнасцю ва ўсіх галінах горадабудаўніцтва і архітэктуры: у праектных і навукова-даследчых інстытутах і іх падраздзяленнях; арганізацыях і прадпрыемствах будаўнічага профіля; бюро і групах, якія маюць ліцэнзію на права ажыццяўляць праектную работу; на кафедрах ВНУ, якія выконваюць даследаванні ў сферы архітэктуры; у дзяржаўных органах кіравання архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасцю на гарадскім, раённым, абласным, нацыянальным узроўнях.
Архітэктар фарміруе асяроддзе чалавечага пасялення, праектуючы будаўнічыя, ландшафтныя і горадабудаўнічыя аб'екты, кожны з якіх з'яўляецца складанай сацыяльнай, мастацкай, экалагічнай сістэмай.
У працэсе атрымання вышэйшай адукацыі студэнты авалодваюць асноўнымі прынцыпамі і практычнымі навыкамі праектавання розных тыпаў жылых, грамадскіх і вытворчых будынкаў і збудаванняў, планіроўкі населеных месцаў, фарміравання горадабудаўнічых комплексаў і ансамбляў.
Асноўнай профільнай дысцыплінай у падрыхтоўцы будучага дойліда з'яўляецца «Архітэктурнае праектаванне», дзе навуковыя і тэхнічныя веды інтэгруюцца ў творчым працэсе і набываюць характар цэласнай сістэмы. Вывучэнне дысцыпліны пачынаецца з 1-га курса і завяршаецца дыпломным праектам. Галоўны прынцып архітэктурнага праектавання - комплексны метад вырашэння функцыянальна-планіровачных, канструктарска-тэхнічных, кампазіцыйна-мастацкіх і эканамічных задач у іх арганічным узаемадзеянні.
Навучальнае праектаванне цесна ўвязваецца:
з рэальным праектаваннем - шляхам уцягвання студэнтаў у рамках навучальнага працэсу да выканання заказаў розных праектных арганізацый, органаў тэрытарыяльнага кіравання, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, свецкіх і канфесійных грамадскіх арганізацый і інш.;
з навуковымі даследаваннямі - шляхам асваення ўсімі студэнтамі стандартных даследчых методык у рамках абавязковых праектных дысцыплін, далучэння студэнтаў да планавых навуковых работ кафедраў і заказных даследаванняў падчас дыпломнага праектавання;
з выхаваннем шырокай актыўнасці студэнтаў - шляхам іх прыцягнення да ўдзелу ў розных творчых праектах і конкурсах (на факультэце створаны музычны і танцавальны калектывы);
з шырокімі міжнароднымі кантактамі - шляхам прыцягнення студэнтаў да ўдзелу ў міжнародных выставах, конкурсах, канферэнцыях.
Навучальны план уключае комплексную кампазіцыйна-мастацкую і навукова-тэхнічную адукацыю на агульнай гуманітарнай аснове. Студэнт вывучае фундаментальныя і прыкладныя агульнатэхнічныя і інжынерныя навукі, спецыяльныя архітэктурныя дысцыпліны, прафесійныя камп'ютарныя праграмы, курсы па гісторыі і тэорыі мастацтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва, а таксама набывае прафесійныя навыкі па малюнку, жывапісе і скульптуры.
Пачатковыя курсы даюць студэнту агульнагуманітарную, мастацкую, сацыяльна-эканамічную і агульнатэхнічную падрыхтоўку, якая дазваляе яму займацца рэальным праектаваннем на дапаможных пасадах.
Старэйшыя курсы забяспечваюць набыццё студэнтамі глыбокіх прафесійных ведаў, уменняў і навыкаў, неабходных для творчага вырашэння архітэктурных задач і распрацоўкі праектнай дакументацыі. Навучанне завяршаецца выкананнем кваліфікацыйнай працы (дыпломнага праекта, у тым ліку даследчага характару), паспяховая абарона якой дазваляе прысвоіць выпускніку кваліфікацыю "архітэктар".
Пасля атрымання дыплома ў выпускніка архітэктурнага факультэта ёсць магчымасць паступіць у магістратуру па выбранай спецыяльнасці. У яе прымаюцца найболей здольныя і схільныя да навуковай дзейнасці архітэктары. Тут прадугледжваецца паглыбленая спецыялізацыя ў сферах распрацоўкі праектаў архітэктурна-будаўнічых, архітэктурна-ландшафтных, горадабудаўнічых, тэрытарыяльна-планіровачных аб'ектаў, інтэр'ераў, гарадскога дызайну, а таксама ў сферы кіравання развіццём паселішчаў і тэрыторый. Вучоба ў магістратуры завяршаецца выкананнем кваліфікацыйнай работы (праекта з развітой навукова-даследчай часткай або самастойнага навуковага даследавання). Пасля яе паспяховай абароны архітэктару прысвойваецца ступень "магістр архітэктуры".
На факультэце вядзецца сталая падрыхтоўка навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Пасля заканчэння аспірантуры, выканання і абароны кваліфікацыйнай работы прысвойваецца ступень "кандыдат архітэктуры".
Спецыфіка архітэктурнай прафесіі, а, такім чынам, і адукацыі, патрабуе ад абітурыентаў, нараўне з атрыманымі агульнаадукацыйнымі ведамі, наяўнасці схільнасці да выяўленчага мастацтва, навыкаў у малюнку, чарчэнні, развітога аб'ёмна-прасторавага мыслення, пачуцці колеру, гармоніі, здольнасці да творчасці. Таму абітурыентам, як правіла, неабходна наяўнасць інтэнсіўнай даўніверсітэцкай падрыхтоўкі альбо рознабаковай (архітэктурны каледж), альбо мастацкай (спецыялізаваныя ліцэй, школа, курсы).
Узрослыя эстэтычныя і экалагічныя патрабаванні да сучаснага асяроддзя нашых гарадоў і сёлаў абумовілі з'яўленне новай архітэктурнай спецыяльнасці – «Архітэктурны дызайн». Вядучымі напрамкамі творчых інтарэсаў спецыяліста архітэктара-дызайнера з'яўляюцца комплекснае праектаванне архітэктурна-прасторавага асяроддзя, мастацкае фарміраванне культурнага ландшафту, асваенне прыродна-экалагічных сувязей, прывязка прадметнага комплексу да прасторавых сітуацый, фарміраванне мастацка-стылявых, светлавых, каларыстычных. інтэр'ераў паселішчаў ("гарадскіх інтэр'ераў").
Падрыхтоўка архітэктара-дызайнера, як і падрыхтоўка архітэктара, прадугледжвае два этапы. Падрыхтаванасць да праектнай работы з'яўляецца базіснай, якая вызначае прынцыповую магчымасць прафесійнай дзейнасці ў навукова-даследчай, адміністрацыйна-кіраўніцкай і педагагічнай дзейнасці.
Базавай кафедрай для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне архітэктурнага дызайну з'яўляецца кафедра "Дызайн архітэктурнага асяроддзя", якая распрацоўвае стратэгію запатрабаванага для Рэспублікі Беларусь напрамкі дызайн архітэктурнага асяроддзя.
Адукацыйны працэс пастаянна ўдасканальваецца на аснове інавацыйных форм і метадаў навучання, укаранення новых адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій.
Асноўнай профілюючай дысцыплінай у падрыхтоўцы будучага архітэктара-дызайнера з'яўляецца "Архітэктурна-дызайнерскае праектаванне". За час вучобы студэнт авалодвае асноўнымі прынцыпамі і практычнымі навыкамі праектавання не толькі традыцыйных для архітэктара аб'ектаў прафесійнай дзейнасці, але і такіх архітэктурна-дызайнерскіх аб'ектаў як: абсталяванне і прадметнае напаўненне асяроддзя; сродкі візуальных камунікацый унутраных і адкрытых урбанізаваных прастор; архітэктурная каларыстыка; сістэма штучнага святла; малыя ландшафтна-архітэктурныя формы, архітэктурна-дызайнерскія формы, манументальна-дэкаратыўныя элементы афармлення асяроддзя (творы манументальнага і дэкаратыўнага мастацтва, арт-дызайну). Вучэбнае архітэктурна-дызайнерскае праектаванне цесна ўвязваецца з рэальным праектаваннем, з навуковымі даследаваннямі, з выхаваннем высокай актыўнасці студэнтаў, з шырокімі міжнароднымі кантактамі.
Выпускнікам універсітэта па спецыяльнасці "Архітэктурны дызайн" пасля выканання кваліфікацыйнай работы (дыпломнага праекта, у тым ліку даследчага характару) і паспяховай яе абароны выдаецца дыплом з прысваеннем кваліфікацыі "архітэктар-дызайнер", і яны атрымліваюць права займацца творчай дзейнасцю ў галіне архітэктуры і дызайну. Выпускнікі могуць працаваць архітэктарамі-дызайнерамі ў праектных і навукова-праектных арганізацыях розных форм уласнасці; у галіне ландшафтнага дызайну, садова-паркавага мастацтва; у арганізацыях і прадпрыемствах будіндустрыі; у навукова-даследчых інстытутах, на кафедрах ВНУ; у архітэктурна-дызайнерскіх прадпрыемствах і фірмах, якія займаюцца распрацоўкай і вырабам інтэр'ераў, мэблі і абсталяванні рознага профіля; у галіне праектавання і вырабу аб'ектаў візуальнай інфармацыі; у сістэме адукацыі (выкладчыкамі выяўленчых і прасторавых мастацтваў у сярэдніх школах, архітэктурна-мастацкіх школах, гімназіях і каледжах); у органах дзяржаўнага кіравання і мясцовага самакіравання адміністрацыйна-тэрытарыяльных утварэнняў; весці ўласную праектна-мастацкую практыку.