Кафедра створана ў 1977 годзе для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне аптычнага прыборабудавання.
На кафедры вядзецца падрыхтоўка інжынераў для работы на прадпрыемствах і ў арганізацыях, якія распрацоўваюць, выпускаюць і эксплуатуюць сучасныя аптычныя, оптыка-электронныя і лазерныя прыборы, сістэмы і комплексы: ААТ "Пеленг", НП РУП "ЛЭМТ", ММЗ ім. С.І. Вавілава, УП "КБТЭМ-ОМА", СП "Цэйс-БелОМА", ЗАТ "Солар ЛС", ЗАТ "Солар ТІІ", УП "Ізавак", СП "Лотыс-ТІІ", РУП "Палімаг", ЗП "Белтэкс-Оптык" » (г. Ліда) і інш.
Асноўная ўвага пры падрыхтоўцы спецыялістаў удзяляецца метадам разліку аптычных сістэм, пытанням канструявання аптычных і лазерных прыбораў, тэхналогіі аптычнай вытворчасці, праектаванню оптыка-электронных і лазерных прыбораў, а таксама іх выкарыстанню ў сучасных аптычных і лазерных тэхналогіях.
Прафесарска-выкладчыцкі склад кафедры ўключае 15 выкладчыкаў, у тым ліку 5 дактароў і 7 кандыдатаў навук. На сённяшні дзень у склад кафедры ўваходзіць 7 навучальных лабараторый, у тым ліку лабараторыі лазернай тэхнікі, аптычных сістэм, оптыка-электронных прыбораў, зборкі і юстыроўкі аптычных прыбораў і інш. З мэтай павышэння ўзроўню падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне аптычнага і лазернага прыборабудавання на прадпрыемстве ААТ « Пеленг» створаны філіял кафедры «Лазерная тэхніка і тэхналогія».
Асноўнымі напрамкамі навуковых даследаванняў і распрацовак кафедры з'яўляюцца: распрацоўка новых аптычных і лазерных матэрыялаў і цвёрдацельных лазераў на іх аснове; перспектыўныя люстраныя аптычныя сістэмы; тэхналогіі і абсталяванне высокадакладнай апрацоўкі паверхняў аптычнага шкла і монакрышталяў; оптыка-электронныя прыборы для дыстанцыйнага зандавання зямлі. Кафедра цесна ўзаемадзейнічае з Навукова-даследчым цэнтрам аптычных матэрыялаў і тэхналогій БНТУ (НДЦ ОМТ), які з'яўляецца адным з вядучых даследчых цэнтраў рэспублікі ў галіне лазерных матэрыялаў і дае сваю лабараторную базу для правядзення вучэбнай і навукова-даследчай работы, падрыхтоўкі дыпломных праектаў.
Кафедра і НДЦ ОМТ падтрымліваюць навуковыя сувязі з кіроўнымі замежнымі навуковымі цэнтрамі ў вобласці лазерных тэхналогій. Праводзяцца сумесныя даследаванні з Інстытутам агульнай фізікі РАН, Усерасійскім навуковым цэнтрам «ДАІ ім. С.І.Вавілава», Інстытутам лазернай фізікі Гамбургскага ўніверсітэта (Германія), Універсітэтам г.Сэнт-Эндрус (Вялікабрытанія) і інш. Супрацоўнікі кафедры і цэнтра выязджаюць на стажыроўкі для правядзення сумесных даследаванняў.
Кафедра забяспечвае падрыхтоўку інжынераў па спецыяльнасці:
1-38 01 02 «Оптыка-электронныя і лазерныя прыборы і сістэмы»
6-05-0716-04 «Оптыка-электронная i лазерная тэхнiка»
са спецыялізацыямі:
«Аптычныя і оптыка-электронныя прыборы і комплексы»;
«Лазерныя сістэмы і тэхналогіі»;
"Светлатэхніка і крыніцы святла".
Спецыяльнасць магістратуры:
7-06-0716-03 «Прыборабудаванне»
Спецыяльнасці аспірантуры і дактарантуры:
01.04.05 - Оптыка; 01.04.21 - Лазерная фізіка; 05.11.07 - Аптычныя і оптыка-электронныя прыборы і комплексы.