Берагчы духоўную памяць, развіваць цікавасць да чытання кніг, захоўваць традыцыі роднага народа, перадаючы іх будучым пакаленням – справа высакародная. Гэтую мэту ставяць і арганізатары штогадовага тыдня літаратуры краін Паўночнай Еўропы. Ідэя тыдня заключаецца ў чытанні ўслых пры запаленых свечках трох кніг скандынаўскіх аўтараў у перакладзе на родную мову, падабраных для розных узроставых груп: дзеці, падлеткі і дарослыя. У Беларусі праект рэалізуецца на пастаяннай аснове з 2015 года.
Філіял Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта «Барысаўскі дзяржаўны палітэхнічны каледж» удзельнічае ў ім з 2016 года. Сёлета тэма мерапрыемства – «Мары і туга», а для чытання прапанаваны кнігі Карын Эрландсан «Лавец жэмчугу», Салі Сальмінэн «Катрына», Тувэ Янсан «У канцы лістапада».
У рамках міжнароднага праекта выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры Галіна Юр’еўна Варашыліна, Вольга Уладзіміраўна Башылава, супрацоўнікі бібліятэкі і навучэнцы каледжа арганізавалі чытанні ўрыўкаў з твораў скандынаўскай літаратуры. Навучэнцы з задавальненнем пазнаёміліся з галоўнай гераіняй рамана Салі Сальмінен «Катрына» – моцнай духам жанчынай, якая захоўвае сваю чалавечую годнасць ва ўсіх жыццёвых сітуацыях. Навучэнцы чыталі ўслых па ролях урывак, пераўвасобіўшыся ў герояў кнігі.



На мерапрыемстве прысутнічалі выкладчыкі, супрацоўнікі каледжа, і кожны з ўдзельнікаў мог прачытаць фрагмент з твораў. Так, сваім мілагучным голасам заваражыла прысутных Алена Сяргееўна Войніч, чым надала адчуванне сапраўднай асалоды ад чытання ўслых.
Удзельнікі мерапрыемства паглядзелі фільм пра Тувэ Янсан, фрагменты з мультфільмаў пра мумі-троляў і паразважалі над цытатамі, якія прымушаюць задумацца: «Калі ў цябе ўзнікае жаданне штосьці рабіць, патрэбна неадкладна прымаць рашэнне і не чакаць, пакуль гэты настрой пройдзе», «Маці заўсёды пазнае сваё дзіця, што б з ім ні здарылася», «Нават самыя сумныя рэчы перастаюць быць сумнымі, калі ставіцца да іх правільна». На жаль, толькі адзінкі з навучэнцаў ведалі, хто такія мумі-тролі.
Бібліятэкар Ж. В. Максімава падрыхтавала відэапрэзентацыю аб удзеле БДПК у гэтым праекце, культуралагічную віктарыну па краінах Скандынавіі. За правільныя адказы навучэнцы атрымлівалі пакуначак гарбаты.
У сваіх водгуках навучэнцы адзначылі, што даведаліся пра значэнні незнаёмых слоў (кутасы, гарышча, вусень, жырандоля), Аландскія астравы, жамчужыну «Зрэнка Вока», якая пазбаўляе людзей ад тугі, што ім спадабаліся цытаты з мультфільма пра мумі-троляў, іх уразіў выбар, які ў сваім жыцці зрабіла Катрына (галоўная гераіня рамана Салі Сальмінен).
Тыдзень літаратуры краін Паўночнай Еўропы – выдатная магчымасць стаць часткай маштабнага міжнароднага праекта, які прывівае любоў да чытання і літаратуры ў цэлым і пашырае кругагляд.

