13 кастрычніка 2026 года ў Мінску на базе Інстытута сістэмных даследаванняў НАН Беларусі пачаў працу V Форум IT-Акадэмграда «Штучны інтэлект у Беларусі». Гэта адна з ключавых падзей для навуковай і IT-супольнасці краіны, якая аб'ядноўвае распрацоўшчыкаў, даследчыкаў, прадстаўнікоў бізнесу і дзяржаўных структур для абмеркавання напрамкаў развіцця тэхналогій штучнага інтэлекту.
Факультэт інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі (далей — ФІТР) БНТУ прыняў актыўны ўдзел у адкрыцці маштабнай выставы, прадставіўшы тры інавацыйныя праекты, якія дэманструюць практычнае прымяненне ШІ ў прыборабудаванні, фізіцы і медыцыне.

У межах дзелавой праграмы форуму дэкан ФІТР Юлія Міхайлаўна Мазанік прыняла ўдзел у пленарным пасяджэнні, дзе абмяркоўваліся ключавыя напрамкі развіцця штучнага інтэлекту ў Рэспубліцы Беларусь, пытанні інтэграцыі ШІ ў прамысловасць і адукацыю, а таксама перспектывы падрыхтоўкі кадраў для лічбавай эканомікі.
На выставе факультэт прадставіў распрацоўкі, якія дэманструюць выкарыстанне метадаў машыннага навучання і камп'ютарнага зроку для вырашэння прыкладных задач.

Устаноўка «Камера Вільсана на элементах Пельцье з інтэлектуальнай сістэмай аналізу трэкаў» распрацавана Сцяпанам Юр'евічам Данчанкам, студэнтам спецыяльнасці «Праграмная інжынерыя», пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры «Тэхнічная фізіка».
Распрацоўка ўяўляе сабой сучасную мабільную камеру Вільсана, прызначаную для візуалізацыі трэкаў зараджаных часціц, якія ўзнікаюць пад уздзеяннем ядзернага выпраменьвання. Трэкі фарміруюцца ў выніку кандэнсацыі перанасычаных пароў ізапрапілавага спірту ўздоўж іянізаваных выпраменьваннем траекторый.
Адметная асаблівасць распрацоўкі заключаецца ў тым, што дэтэктар працуе ў бесперапынным, а не ў традыцыйным цыклічным рэжыме і выкарыстоўвае тэрмаэлектрычныя модулі Пельцье замест звычайнага ахалоджвання сухім лёдам або вадкім азотам. Гэта робіць прыладу кампактнай, бяспечнай і зручнай у эксплуатацыі.
Для аналізу трэкаў часціц выкарыстоўваюцца лічбавы інтэрфейс рэгістрацыі і інтэлектуальная сістэма аналізу на аснове камп'ютарнага зроку і машыннага навучання.
Камера Вільсана аб'ядноўвае фундаментальныя фізічныя прынцыпы з сучаснымі тэхналогіямі ШІ. Яна дазваляе не толькі наглядна і бяспечна назіраць трэкі зараджаных часціц, але і аўтаматычна выяўляць і аналізаваць іх. Гэта робіць прыладу перспектыўным інструментам для лабараторнага навучання, навуковых даследаванняў, папулярызацыі фізікі і дэманстрацыі практычнага прымянення штучнага інтэлекту.

Стенд «Праграмна-апаратны комплекс аўтаматычнай аптычнай інспекцыі друкаваных плат (PCB) на аснове ШІ» распрацаваў Іван Сяргеевіч Жукаў, студэнт спецыяльнасці «Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей», пад кіраўніцтвам Уладзіміра Пятровіча Заярнага, старшага выкладчыка кафедры «Робататэхнічныя сістэмы».
У прыборабудаванні пры вытворчасці друкаваных плат непазбежна ўзнікаюць вытворчыя памылкі і дэфекты мантажу і паяння. Для іх выяўлення прапанавана арыгінальнае рашэнне: лічбавая камера з вузкім полем агляду перамяшчаецца ўздоўж паверхні платы па змеепадобнай траекторыі, атрымліваючы каля 400 высокадакладных фотаздымкаў, кожны з якіх ахоплівае ўчастак памерам менш за 4 × 4 мм.
Затым здымкі аб'ядноўваюцца ў адзіную бясшвоўную лічбавую выяву, якая аналізуецца з дапамогай ШІ, што дазваляе звесці колькасць памылак да мінімуму.
На базе 3D-прынтара Genius-1 з выкарыстаннем ноўтбука і камеры Arducam створаны прататып праграмна-апаратнага комплексу аўтаматычнай аптычнай інспекцыі друкаваных плат на аснове ШІ.
Удзел ФІТР БНТУ у V Форуме IT-Акадэмграда — гэта не толькі дэманстрацыя навукова-тэхнічнага патэнцыялу факультэта, але і пацвярджэнне таго, што распрацоўкі выкладчыкаў і студэнтаў знаходзяць практычнае прымяненне ў самых розных галінах: ад вытворчасці друкаваных плат да ядзернай фізікі і медыцыны.
ФІТР ганарыцца сваімі навукоўцамі і студэнтамі, якія ствараюць тэхналогіі, што змяняюць будучыню ўжо сёння!



